Вострыя кішэчныя інфекцыйныя захворванні з’яўляюцца самымі масавымі захворваннямі дзяцей дашкольнага ўзросту, асабліва ў летні перыяд.
Узбуджальнікамі вострых кішэчных інфекцый з’яўляюцца некалькі груп мікраарганізмаў: бактэрыі, вірусы і прасцейшыя. Асноўныя шляхі перадачы наступныя: кантактна-побытавы (праз забруджаныя прадметы ўжытку, цацкі, брудныя рукі); харчовы (пры ўжыванні ў ежу недастаткова апрацаваных, недабраякасных прадуктаў харчавання); водны (піццё некіпячонай вады, купанне ў адкрытых вадаёмах).
Сімптомы вострых кішэчных інфекцый у дзяцей даволі непрыемныя і пачынаюцца, як правіла, з млявасці, слабасці, зніжэння апетыту, павышэння тэмпературы і галаўнога болю. Пазней з’яўляюцца млоснасць і рвота, рэзкія болі ў жываце, дыярэя, дрыжыкі і смага. Канечне, усё гэта можа азмрочыць адпачынак.
Прафілактыка вострых кішэчных інфекцый даволі простая і не патрабуе велізарных намаганняў. Вось асноўныя рэкамендацыі:
Старанна мыйце рукі і твар перад ядой, пасля купання, гульні ў пяску, знаходжанні ў месцах з вялікай колькасцю людзей. Памятайце, што вільготныя сурвэткі, нават з антыбактэрыяльным эфектам, не заменяць стараннага мыцця рук з мылам!
Імкніцеся пераходзіць на новыя прадукты плаўна, не давайце дзіцяці прадукты пры найменшым намёку на іх нясвежасць ці сапсаванасць, устрымайцеся ад занадта экзатычных прадуктаў.
Піце толькі кіпячоную ваду або бутыляваную, афіцыйна вырабленую, прададзеную вам у закрытай бутэльцы. Калі вы сумняваецеся ў наяўнасці якаснай бутыляванай вады ў запланаваным месцы адпачынку, вазьміце некалькі бутэлек звыклай для дзіцяці вады з сабой.
Старанна мыйце агародніну, садавіну, ягады для маленькіх дзяцей перад спажываннем спачатку пад праточнай водаправоднай вадой, а пасля — абдавайце кіпенем.
У летні перыяд устрымайцеся ад ужывання кандытарскіх вырабаў з крэмам, згатаваным на свежых яйках.
Пры куплі мясных вырабаў аддавайце перавагу фабрычнай упакоўцы, звяртайце ўвагу на выгляд і герметычнасць упакоўкі, тэрмін прыдатнасці прадукцыі.
Па магчымасці не перакусвайце на вуліцы (небяспечныя піражкі з мясам, шаўрма, чабурэкі, салаты і інш.).
Выкарыстоўвайце толькі чыстую ўпакоўку для ежы (поліэтылен, кантэйнеры для харчовых прадуктаў).
Не купляйце ежу на вуліцы, на пляжах, у сумніўных установах. Не набывайце прадукты на стыхійных рынках, з рук.
Па магчымасці сачыце, каб дзіця не гуляла з чужымі цацкамі, як мага часцей мыйце цацкі свайго дзіцяці.
Праяўляйце пільнасць не толькі на месцы адпачынку, але і ў дарозе.
Падрыхтавала: намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці А.В.Самойленка