Лета і дзеці

Правільныя паводзіны ў летнія гарачыя дні дапамогуць не толькі зберагчы здароўе дзяцей, але і ўмацаваць яго.

Пачнём з арганізацыі сну. Трэба своечасова ўкладваць дзяцей спаць — для аднаўлення сіл, росту і развіцця. Летам дзеці павінны спаць пры адчыненых вокнах. Дзіўна чуць пры 28 градусах цяпла, што вокны толькі што зачынілі, таму што ўжо праветрылі пакой.

Павінен быць забяспечаны правільны пітны рэжым, бо ў спякоту дзеці пацеюць значна больш, а страту вільгаці трэба папаўняць. Не забывайце, што ў тканках дзяцей вады амаль 90%. Што п’ём? Ваду, мінеральную ваду (негазіраваную лепш), неканцэнтраваныя сокі, морсы, узвары, зялёны чай, але не каляровыя газіраваныя напоі, якія змяшчаюць вялікую колькасць цукру.

Гуляць трэба столькі, колькі атрымліваецца, па максімуме. Па санітарных правілах — не менш за 3,5—4 гадзіны.

Адзенне і абутак дзяцей павінны быць з натуральных тканін і матэрыялаў. Не забываем пра галаўны ўбор.

У меню дзіцяці абавязкова павінна быць бялковая ежа (патрэбна для росту і пабудовы клетак арганізма), шмат агародніны і садавіны, алей і сметанковае масла.