Як расказаць дзіцяці пра людзей з асаблівасцямі развіцця?

  • Будзьце прыкладам

Даследаванні паказваюць, што стаўленне дзіцяці да аднагодкаў з асаблівасцямі развіцця шмат у чым залежыць ад стаўлення дарослых, якія знаходзяцца побач. Калі дарослы спакойны, ветлівы, праяўляе павагу да іншых дзяцей (уключаючы дзяцей з інваліднасцю), то яго дзеці будуць паводзіць сябе гэтак жа.

Памятайце, што сваімі паводзінамі вы фармуеце стаўленне вашага дзіцяці да навакольных!

  • Пачніце з таго, што ўсе людзі розныя

У адных людзей светлыя валасы, у іншых – цёмныя, хтосьці вельмі хутка бегае або высока скача, а камусьці патрэбна дапамога з перамяшчэннем, хтосьці хутка і добра запамінае факты, а для кагосьці гэтая задача можа быць складанай. Ва ўсіх нас ёсць моцныя бакі і цяжкасці.

Дзіця, якое задае пытанне, убачыўшы чалавека ў спецыяльным крэсле, наўрад ці мае патрэбу ў доўгім тлумачэнні, што такое цэрэбральны параліч і якія яго прычыны. Калі дзіцяці незразумела, чаму нехта паводзіць сябе незвычайна (напрыклад, чалавек з аўтызмам разгойдваецца, паўтарае адны і тыя ж фразы або крычыць), можна сказаць, што, хутчэй за ўсё, чалавеку цяпер па нейкай прычыне цяжка супакоіцца.

Калі ў вас на дадзены момант недастаткова інфармацыі, вы можаце пашукаць яе пазней, нават разам з дзіцем. Дзіцяці важна, каб вы сур’ёзна і паважліва ставіліся да яго пытанняў. Таксама важна даць яму зразумець, што фізічныя адрозненні іншых людзей не небяспечныя і не заразныя.

Раскажыце дзіцяці пра асноўныя правілы зносін з людзьмі з асаблівымі патрэбамі. Адсутнасць адэкватнай інфармацыі спараджае міфы, страхі і недахоп паразумення.

  • Не бойцеся

Калі дзіця адчувае сябе нязручна пры сустрэчы з аднагодкам з парушэннямі развіцця, не адводзьце яго ў бок і не лайце. Дапамажыце яму пазнаёміцца і не завастрайце ўвагу на інваліднасці. Бо, нягледзячы на ўсе асаблівасці, агульнага ў нас больш, чым адрозненняў.

  • Дапамажыце фарміраваць інклюзіўнае грамадства

Гэта грамадства, адкрытае да ўсіх людзей незалежна ад асаблівасцей развіцця. Гэта не толькі даступнасць фізічнай прасторы (ліфт, пандус і г.д.), але і адсутнасць прадузятасці і бар’ераў у адносінах да людзей. Здольнасць разумець і прымаць людзей з асаблівасцямі – неад’емная частка інклюзіўнага грамадства.

Крыніца:  сайт фонда дапамогі дзецям «Обнажённые сердца»

Падрыхтавала: настаўнік-дэфектолаг М.У.Абадоўская